Ангулема
23:18 26-02-2023 GIFT: Ice Story by Yuzuru Hanyu (26 лютага 2023)
Сёння мела шчасце легальна глядзець прамую трансляцыю ашаламляльнага шоў Юзу. Па ўзроўні і якасці нагадвала хутчэй спектаклі цырку Дзю Салей, чым лядовыя шоў. Але ў адрозненне ад Дзю Салей, тут усё завязанае на адну асобу - самога Юзуру. Які, дарэчы, таксама выступіў у ролі выканаўчага прадзюсара.

Токіо Дом, 35 тысяч чалавек гледачоў толькі там. Яшчэ 30 тысяч - у кінатэатрах, дзе таксама ішла прамая трансляцыя, у Японіі, Карэі, Тайване, Ганконгу. І непадлічаная колькасць гледачоў лайвстрыму ў Японіі і за яе межамі) Цікава, ці будуць лічбы гэтых гледачоў (і мяне ў іх ліку).

Светлавыя праекцыі, жывы гук (Такійскі філарманічны аркестр, уяўляеце?), "падтанцоўка" на некаторых нумарах. Загадзя створаныя відэа, агучаныя самім Юзуру, якія вядуць праз ягоную гісторыю, праз усе балючыя моманты. (Дарэчы, хочацца асобна падзякаваць, што на трансляцыі па-за Японіяй былі англійскія субтытры - японскай я так і не ведаю).

Шоў сапраўды ашаламляльнае, асабліва для тых, хто заўзеў і падтрымліваў Юзуру на працягу гадоў яго аматарскай кар'еры ў фігурным катанні. Незвычайна прыгожае, шчымліва шчырае, вельмі Юзурупадобнае.

Я ўсё шукаю словы, каб у ціўтары ці на ютубе напісаць з тэгамі свае ўражанні і выказаць падзяку.
Магчыма, трэба пераглядзець яшчэ раз) Трансляцыя даступная да 1 сакавіка.

Юзу катаецца яшчэ лепш, хаця, падавалася б, куды ўжо лепш. Скокі лёгкія, быццам ён ляціць (можа і ляціць), а калі едзе па лёдзе, то гэта выглядае гэтак плаўна, быццам лёзамі і не датыкаецца да лёду. Паказаў самыя розныя свае бакі праз розныя праграмы - і нельга не ўразіцца, да якой ступені ён здолеў падняць сваю трываласць - ён жа той самы хлопчык, які пасля праграмы ў 4.5 хвіліны не мог аддыхацца! А сёння паказаў 2-гадзіннае шоў (канешне, не ўвесь гэты час ён быў на лёдзе, але ўсё адно гэта значна больш, чым звычайна).
У канцы першага акту гледачоў чакала Ронда. Праграма, нешчаслівы выпадак у якой ў Пекіне-2022 нанёс маральную траўму і Юзуру, і ягоным фанатам. (Калі хто не ведае, перад адрывам у 4С лязо апорнай нагі трапіла ў ямку, якую пакінуў хтосьці іншы падчас размінкі, і скок не атрымаўся, што каштавала шмат балаў і зруйнавала шансы на перамогу.) Перад Ронда была 6-хвілінная размінка, як на спаборніцтвах. Такая ж была ў Пралогу, але ж там яна была ў пачатку (і катаў Юзу Сэймэя). А тут - хвілін 40 пасля пачатку. То бок гэта не свежыя ўжо ногі. Божачкі, я, можа, на Алімпіядзе гэтак не хвалявалася, як падчас гэтай размінкі (яшчэ і музыка трывожная была) і потым падчас Ронда [изображение] Гэтым часам усё пакарылася. І шчаслівы роў 35-тысячнага стадыёна - тое, што Юзуру без сумневу заслугоўвае [изображение]
Яшчэ адна яркая пляма - LMEY пад жывую музыку (акрамя сімфанічнага аркестра была таксама інструментальная група, сабраная спецыяльна для шоў), і нарэшце з голасным удзелам аўдыторыі! Самы вялікі боль ад гэтай праграмы на спаборніцтвах (акрамя таго, што ў той час Юзуру актыўна заніжалі адзнакі і мэтанакіравана шукалі, за што б балаў зняць) - што акурат быў кавід, і гледачоў ці то не было, ці то ім забаранялі падтрымліваць фігурыстаў голасам.
І персанальная любоў - POTO [изображение] Хаця падводка да яго была балючай.

Насамэч было цудоўна абсалютна ўсё. Адзінае, што ў другім акце бліжэй да канца не ва ўсіх скоках было добрае прызямленне, і я пачала хвалявацца за ногі Юзу (і каб толькі не траўмаваўся), ледзь не да стану, каб казаць у экран "не скачы больш!" [изображение]
І самае галоўнае - тое, якім ён быў шчаслівым у канцы шоў. Ажно хацелася абняць экран лаптопа, гледзячы на ягоную ўсмешку і шчаслівыя слёзы ў кутках вачэй [изображение] Як жа цудоўна, што нарэшце ён атрымаў асабіста ўсю любоў фанатаў, на самай вялікай пляцоўцы Японіі [изображение]

А ўжо праз два тыдні - шоў, прысвечанае гадавіне землятрусу 2011 года. Але там ужо не сольнае шоў, то можна спадзявацца, што фізічная нагрузка будзе троху меншай (а вось маральная - наўрад ці).