fantagiro
19:20 01-12-2005
На менскіх вуліцах — тралейбусы-забойцы
01.12.2005 16:53
Цягам некалькіх дзён у Менску зафіксаваны шэраг інцыдэнтаў на грамадзкім транспарце. 25 лістапада, заходзячы ў тралейбус, была забітая токам студэнтка-першакурсьніца Дар’я Голуб. На наступны дзень у іншым тралейбусе ледзь не загінуў студэнт Дзьмітры Сайко. На інтэрнэт-форумах яшчэ зь дзясятак наведнікаў расказваюць, як з надыходам зімы іх біла токам у сталічным электратранспарце. Адкуль у Менску зьявіліся “тралейбусы-забойцы”?

Грашовая кампэнсацыя ад “Менсктрансу” — слабое суцяшэньне для сям’і Голуб зь Ліды, якая днямі пахавала дачку. Дар’я загінула ад разраду току, уваходзячы ў тралейбус менскага дэпо №4. Празь дзень трагедыя ледзьве не паўтарылася ў іншым канцы гораду: студэнт-пяцікурсьнік Дзьмітры Сайко, узяўшыся за парэнчы 12-га тралейбуса, так і ня здолеў расьціснуць руку. Сайко:

- Пачало біць токам, потым я паваліўся. Мяне ўсё роўна працягвала трэсьці, я адчуў, што паралізавала цела, і пачаў крычаць. Кіроўца ўвесь гэты час мяне ігнараваў, проста глядзеў на мяне. А калі я выпаўз з тралейбуса (хтосьці мяне проста выпнуў), ён проста зачыніў дзьверы і паехаў далей, як быццам нічога ня здарылася. Маўляў, нічога ня бачыў, нічога ня ведаю.

Дзьмітры атрымаў апёкі рук і ног, але лічыць, што яму яшчэ пашанцавала — усё магло скончыцца нашмат горш, перадае радыё Свабода. Сайко:

- Мне лекары так сказалі: калі б на тваім месцы было дзіця ці сталы чалавек, у якога праблемы з сэрцам, быў бы сьмяротны вынік. Акрэсьлілі яшчэ хвіліну-паўтары: паколькі ток праходзіў праз сэрца, яшчэ хвіліна — і я памёр бы. А калі ў чалавека праблемнае сэрца, яго ўжо не было б. Вы паглядзіце — тую дзяўчыну проста забіла. Таму мне яшчэ пашанцавала…

У Менскім дэпо №4 адмаўляюцца надзвычайнае здарэньне тлумачыць толькі тэхнічным станам тралейбуса. Маўляў, вінаватая таксама і соль, якой пасыпаюць дарогі і якая ёсьць адным з найлепшых праваднікоў электрычнасьці. Праўда, самі кіроўцы ў нефармальных размовах такую вэрсію адкідаюць і кажуць пра парушэньне ізаляцыі электраабсталяваньня ад доўгай эксплюатацыі.

Тралейбусы расейскага заводу імя Ўрыцкага застаюцца без канструктыўных зьменаў ад пачатку 1970-х — мо тэхніка “Белкамунмашу” бясьпечнейшая, бо электраабсталяваньне ў ёй усталёўваецца на даху? Супрацоўнік дэпо:

- Адназначна не адкажаш: лепш ці горш. У сэнсе эксплюатацыі — лепш, у пляне абслугоўваньня — горш. Але новыя тралейбусы заўсёды больш надзейныя. У свой час і “Ўрыцкія” былі надзейныя.

- А сумнавядомы тралейбус №7 ужо на маршруце?

- Не, вы што. На экспэртызе, канечне.

А вось Дзьмітры Сайко расказвае: тралейбус, які ледзьве не забіў яго, па-ранейшаму працуе. Ня маючы альтэрнатывы, ён, як і іншыя пасажыры, мусіць карыстацца небясьпечным транспартам. Cайко:

- Досыць страшна, насамрэч. Я звычайна з дому ежджу тралейбусам. Вымушаны карыстацца гэтым транспартам і цяпер, але імкнуся ні за што ня брацца, заходзіць не ў пярэднія дзьверы, а ў сярэднія ці заднія. І толькі пасьля каго-небудзь.

Каб прадухіліць новыя трагедыі, Дзьмітры Сайко зьбіраецца стварыць прэцэдэнт: кажа, што абавязкова будзе падаваць у суд на “Менсктранс”.

Патэнцыйна небясьпечнымі для пасажыраў застаюцца і сталічныя трамваі. Асноўная маса ўсіх вагонаў вырабленая на вагонабудаўнічым заводзе Рыгі, які згарнуў вытворчасьць гэтай мадэлі яшчэ ў 1984 годзе. Трамваі, якія грымяць па менскіх вуліцах, увогуле 1960-х гадоў выпуску. Паводле спэцыялістаў, амаль палова трамвайнага парку падлягае сьпісаньню ці патрабуе капітальнага рамонту. Вынікам імклівага старэньня тэхнікі толькі сёлета стала некалькі сутыкненьняў трамваяў у выніку няспраўных тармазоў. Тады некалькі пасажыраў атрымалі сур’ёзныя траўмы.