Ангулема
00:23 23-09-2022 Emma. (2020)
Днямі паглядзела (чарговую) экранізацыю "Эммы" Джэйн Осцін рэжысёркі Autumn de Wilde. Гэта, здаецца, быў ейны дэбют у поўнаметражным кіно (да гэтага і пасля яны здымала відэакліпы і кароткія відэа), і рэйтынг у фільма невысокі, а мне вельмі спадабалася.
У фільма шмат намінацый (і дзьве узнагароды) за касцюмы і грым/прычоскі, і нездарма. Сапраўды выдатныя, і ў цэлым карцінка надзвычай прыгожая, на якім кадры ні спыні. Я такое люблю
Так, з эстэтычнага пункту гледжання вельмі прыгожы фільм, музычнае аздабленне таксама яму пасуе (выкарыстаныя класічная музыка і адаптаваныя народныя спевы).
Да касту у мяне таксама няма нараканняў. Хаця кнігу я чытала даўно і падрабязнасцяў не памятаю, канешне, але ў цэлым усе канцы з канцамі сыходзяцца, персанажы паводзяцца лагічна, і акторы падабраныя добра, як мне падаецца.
Наогул я за ўсімі экранізацыямі Осцін не сачу, але ў гэтай здымаўся Руперт Грэйвз, вось я нарэшце і дабралася паглядзець) Руперт, дарэчы, чароўна выглядае ў любым узросце.
Астатнія акторы былі мне незнаёмыя* (я наогул нельга сказаць, каб многа фільмаў глядзела), але ўсе спадабаліся, кожны на сваім месцы. Выразныя такія персанажы атрымаліся)
З усяго фільма не зразумела толькі, навошта там была сцэна распранання, мыцця і апранання містара Найтлі. Пафапаць на актора?)
Дарэчы, для тых, хто доўга даганяе - я толькі гледзячы гэтую экранізацыю зразумела, што Найтлі, то бок Knightly, - гэта ад "рыцара", то бок рыцарскі, шляхетны. Хоць ты перачытай па-англійску, там і іншыя прозвішчы мусяць быць выразнымі, напэўна.

* Збрахала. Біла Найі я ведаю, канешне) Ён граў бацьку Эммы.