Ангулема
21:51 16-04-2023 "Николаша" (Тэатр лялек, 10 сакавіка 2023)
Вось толькі сабралася напісаць)

Ужо больш за месяц таму разам з Л. хадзілі ў тэатр лялек на нібыта камедыю па Чэхаву "Мікалаша", аднак акурат у той раз камедыя не надта атрымалася (па словах Л., хутчэй за ўсё з-за "мёртвай" залі, якая занадта слаба рэагавала), і выйшла хутчэй драма. Хаця, канешне, лёгка можна было ўбачыць, на чым дакладна тая камедыя мусіла будавацца, але тэатр - гэта ў тым ліку ўзаемаабмен энергіяй паміж сцэнай і залам, і ў той вечар атрымалася як атрымалася.
Я буду пісаць пра тое, што ўбачыла, а не што магло б быць, таму ў мяне драма) Дзве галоўныя тэмы, якія я "счытала", - гэта тэма дэпрэсіі і яе ўплыў на жыццё персанажа(ў), а таксама тэма ўплыву грамадскага меркавання на жыццё чалавека ў гэтым грамадстве - незалежна ад таго, на фактах ці плётках гэтае меркаванне пабудаванае.
Галоўны герой - Мікалай - насамрэч добры чалавек, але абставіны загналі яго, як кажуць, у тупік. Ён меў першапачатковы капітал, але пазычаў яго розным знаёмым, якія не вярталі грошы на важных, на думку Мікалая, прычынах, і вось ён сам ужо пазычаў у іншых людзей...
Напачатку спектакля мы бачым Мікалая Іванова ў сваім доме і, па ягоных словах, нічога яго не радуе і нічога яму не хочацца. Ён ажаніўся па каханні з яўрэйкай, якая пакахала яго і пагадзілася ахрысціцца - за што бацькі яе выклялі і забыліся на імя яе. З часам быт і грашовыя праблемы пераважылі каханне Мікалая (хаця хутчэй, па апісаннях, дэпрэсія яго добра прыклала, так што на каханне сілаў не засталося), ён стараецца ўнікаць жонкі, якая яшчэ і захварэла (што яшчэ больш цісне на яго, бо доктар настойвае, што Ганне - былой Сары - трэба ехаць на поўдзень да мора, а грошай няма, ды калі й адшукаць, яна адмаўляецца ехаць без мужа).
Разам з тым заўсёды побач Боркін - аканом Мікалая і ягоны нейкі далёкі сваяк. У Боркіна хворая фантазія, ён заўсёды будуе фантазійныя планы, якім бы чынам зарабіць грошай, прычым планы гэтыя часта мяжуюць з махлярствам, а языком сваім ён меле ўсім. У выніку людзі вераць, што нейкія з тых планаў сапраўды былі здзейсненыя Івановым. Да таго ж пляткараць, што ажаніўся ён з-за грошай, якіх у выніку не атрымаў, бо бацькі Сары яе выракліся і з дома выгналі.
У той жа час дачка суседзяў Іванова Лебедзевых (у якіх ён, дарэчы, пазычаў неаднаразова грошы), да якіх Іваноў часта "збягае" вечарамі, каб не сядзець дома з жонкай, пранікаецца пачуццямі да "Мікалашы", нягледзячы на ўсе плёткі. А яна, сюрпрыз, зноў дзяўчына са спадчынай.

Long story short, Сара памірае ад сухотаў, ейны доктар (які, як мне падалося, быў у яе закаханы) вінаваціць ва ўсім Мікалашу (і лічыць, што той ажаніўся з-за грошай). Міікалаша збіраецца ажаніцца з дачкой Лебедзевых Сашай (хаця ейная маці супраць, але не да той ступені, каб зусім пакідаць дачку без спадчыны). Мікалашу чым часам усё больш накрывае дэпрэсіяй, ён пытаецца ў Сашы, навошта ён ёй такі, ды с такім хвастом плётак. Але Саша, як сапраўдная руская жанчына, хоча пакутаваць (тут прыгадаўся мне фільм Вудзі Алена, дзе той, скажам так, абсцёбвае вялікую рускую літаратуру і любой да ўскладнення ўсяго).
У выніку на вяселлі чуецца стрэл - ці то гэта Мікалаша сам, ці то гэта яго застрэлілі.

Сам спектакль між тым вельмі прыгожы і добра зроблены (ну і лялечны ў нас цяпер, лічы, адзін з двух тэатраў, куды можна хадзіць, калі браць якасць і тэматыку), як звычайна, гэта цеснае перапляценне лялек і саміх актораў, плюс гукавое і светлавое афармленне.

Галоўны вывад (з майго пункту гледжання) - таварышы, не зацягвайце з паходам да спецыяліста, калі вас нічога не радуе і сіл няма! Хаця тады, канешне, пра дэпрэсію й не чуў ніхто яшчэ.