Ангулема
20:49 12-07-2023 Кар'ера доктара Рауса (РТБД, 8.07.2023)
У суботу Л. вывеў нас на "Кар'еру доктара Раўса", бо па чутках гэта быў апошні спектакль. Ён сам хадзіў яшчэ на прэм'еру ў 2017-м - спектакль ставілі да 500-годдзя выдання Скарынавай Бібліі - і тады яму не надта спадабалася. Але тут той выпадак, калі з часам кантэксты змяніліся, і цяпер месцамі атрымалася амаль злабадзённа. Мусіць, таму спектакль больш наўрад ці ў афішы з'явіцца.
Спектакль пабудаваны на анахранізмах: аддзел маркетынгу, карпарацыі, прарэктары па выхаваўчай рабоце... у 16-м стагоддзі, ага. Але нейкім чынам гэта ўсё не надта перашкаджала, хаця я ўвогуле не вельмі люблю гэты прыём. Спектакль распавядае пра жыццё Скарыны, ягоныя вандроўкі па розных краінах, мытарствы са спробамі выдаваць кнігі. Канешне, вельмі цікава, што аўтар п'есы (Віктар Марціновіч) цалкам выдумаў, а для чаго знайшоў падмурак з фактаў. Але, на маю думку, галоўны плюс спектакля ў тым, што ён паказвае Скарыну чалавекам, вынаходнікам, які раз за разам пераадольваў перашкоды, якія ставіў яму лёс. Чалавек, не проста нейкі сімвал. Шчыра кажучы, да спектакля я Скарыну менавіта сімвалам і ўспрымала. Першадрукар, выдаў Біблію на беларускай мове ў Празе, і г. д, і да т. п. А ці проста гэта было, ці ўхвалялі ягоную дзейнасць навогул - пра гэта не думала цалкам. І гэта ўлічваючы, што мая спецыяльнасць - выдавецкая справа. Амаль сорамна.
Было б цікава знайсці якія крыніцы і даведацца пра Скарыну-чалавека, а не толькі пра Скарыну-выдаўца.

[изображение]