Ангулема
21:33 24-07-2023 Пра Прывідаў Оперы
Нешта падумалася раптам, што калі параўноўваць кнігу і мюзікл/фільм 2004 года, то бок характары галоўных герояў, то параўнанне, з майго пункту гледжання, не на карысць мюзікла. Пры тым, што ў мюзікле Прывід быццам ні ў чым такім не вінаваты (з дзяцінства яго паказвалі ў цырку як пачвару, але ён збег, прыдушыўшы ахоўніка), але ён больш жорсткі - забівае Жазэфа Буке за тое, што той за ім сачыў, потым забівае саліста проста каб выйсці на сцэну замест яго. У кнізе жа Эрык паказваецца больш небяспечным і быццам без спачування да роду людскога - але ж падчас дзеяння ён наўмысна нікога не забівае (адзінае што Філіп, брат Рауля, пад пытаннем): Жазэф Бюке вешаецца сам, патрапіўшы ў катавальню, калі сачыў за Прывідам на трэцім ярусе падвалаў. Эрык толькі выцягвае яго адтуль (бо труп яму, відавочна, не патрэбны). А калі для выкрадання Крысціны яму спатрэбіўся доступ да пультоў свету і чагосьці яшчэ, то ён іх нейкім чынам напаіў да непрытомнасці. Хаця здавалася б.
Крысціны таксама розныя. У кніжнай больш спачування, нават прытым, што кніжны Прывід значна менш прыемны на твар (і навобмацак - было там нешта пра халодныя рукі). Калі Рауль прапануе бегчы адразу, то яна адмаўляецца, бо не хоча вось так разбіваць Эрыку сэрца - хоць у іх выпадку прамаруджанне сапраўды небяспечнае. Крысціна з мюзікла ж пагаджаецца стаць прынадай, каб жандармы маглі схапіць Прывіда, пры гэтым яшчэ спяваючы he kills without a thought, he murders all that good.
Раулі, дарэчы, таксама розняцца - можа, найбольш за ўсё. Кніжны - вельмі далікатны, хаця служыў на марскім флоце і збіраўся ў экспедыцыю ажно на Паўночны полюс (але замест гэтага збег з Крысцінай), часам нерашучы, часам вельмі рашучы, аднак усё ж ніякім чынам не думаў паляваць на Прывіда, узяўшы каханую за жыўца. Дарэчы, па Раулю добра бачна, што напачатку 20 стагоддзя мужчынам не было ганебна плакаць і праяўляць усялякія пачуцці. І куды ўсё падзелася?..
У мюзікле пра Рауля мы ведаем толькі тое, што ён віконт, і што ведае Крысціну з маленства (як і ў кнізе). Ён не надта ўважлівы да словаў/намераў Крысціны (першая сустрэча ў грымёрцы, калі Крысціна кажа, што яна не можа сёння нікуды пайсці вячэраць, ён толькі смяецца і паўтарае пра пяць хвілін), а потым, як я ўжо вышэй пісала двойчы, вырашае выкарыстаць Крысціну як прынаду ў паляванні на Прывіда, пад соўсам, быццам пакуль той жывы, ім не будзе спакою. Ну... Не, Рауля з мюзікла я катэгарычна не люблю.