Ангулема
22:05 31-08-2023 Жылічы, Чырвоны Бераг, Бабруйск (11 жніўня 2023)
Трэба напісаць - мо, калі перачытаю
Адпачынак у мяне пачаўся 9-га, і ўжо 11-га мы рушылі ў падарожжа на адзін дзень (і слушна зрабілі, бо ўвесь наступны тыдзень была спёка). Атрымалася крыху зашмат уражанняў як на адзін дзень, але ж.
Усё пачалося з таго, што мы думалі, куды б з'ездзіць па Беларусі, каб на адзін дзень (бо ўзялі новую котку з ператрымкі, ёй было б вельмі стрэсава застацца сам-насам на больш). І чамусьці ўсплыў Бабруйск - хаця там быццам і няшмат чаго ёсць (сапраўды). Тады сталі шукаць, што там ёсць побач, а гід з Брэста акурат тады выклала прыгожыя фоткі з палаца ў Жылічах. А потым і Чырвоны Бераг непадалёк адшукаўся. Ён найперш сумна вядомы мемарыялам дзіцячаму канцлагеру, але там у пасёлку захавалася таксама сядзіба Козел-Паклеўскіх.
Пачалі мы з Жылічаў. Рэстаўрацыя тамашняга палаца Булгакаў доўжылася шмат год, і афіцыйна музей яшчэ не адкрылі, але штодзень (акрамя панядзелка) штогадзіны там праводзяць экскурсіі. Рэстаўрацыя - ваў. Нават дзіўна, што грошы знайшліся, там бачна, што ўкладзена многа - і грошай, і сіл. Столі, сцены - усё выглядае шыкоўна. Аднаўлялі пакоі па фатаграфіях, абстаноўка ўся - навазробленая, рэплікі па фота. Уражвае. Пра гісторыю сям'і таксама было цікава паслухаць, шкада толькі, што на рускай мове. Фоткі я рабіла, але на ноўт не скінула яшчэ (як рабіць усё ў час? ніяк).
Побач з палацам размешчаны новы будынак Аграрнага каледжа (у савецкія часы каледж быў прама ў палацы), побач з ім былі цікавыя лавачкі - мусіць, некалі нейкі конкурс там быў, ці што.
Ёсць таксама парк, але ён яшчэ ў зусім запушчаным стане (і камары там - страх!).

Пасля Жылічаў вырашылі заехаць у Чырвоны Бераг, а пасля ўжо ў Бабруйск, дзе планавалі паабедаць.
Сядзіба ў Чырвоным Беразе таксама ў савецкія часы была Аграрным каледжам Нейкая містычная сувязь аграрных каледжаў і сядзіб (насамрэч не, проста калі гаспадары пасля рэвалюцыі ўцякалі, то іхнія маёнткі савецкая ўлада "нацыяналізавала", ну і далей як атрымлівалася). Музей цяпер проста на тэрыторыі каледжа знаходзіцца.
У адрозненне ад Жылічаў тут на рэстаўрацыю столькі грошай не выдзялялі, таму ляпніна не ў сусальным золаце, а проста белая. Затое абстаноўка пакояў зроблена прадметамі адпаведнай эпохі - большасць ахвяраваў музею нейкі мясцовы калекцыянер. Таму тут цікавей разглядаць мэблю і ўсё такое падобнае. Шкада, што не ўзялі аўдыёгід - не ведалі, што ён ёсць, а касірка не падказала. І шкада, што ўсе надпісы ў музеі - на рускай мове :/ На беларускай нават не прадублявана.

Трэба сказаць, што другая сядзіба запар - гэта цяжка, дый пад канец ужо хацелася есці. Таму ў Бабруйск мы ехалі з галоўнай думкай - паядзім!

У той дзень хоць і не +30 было, але ўсё адно вельмі цёпла, і ў горадзе гэта асабліва адчувалася. Паелі мы добра, у нейкай піцэрыі, якую Л. абраў па мапе і водгуках. І пайшлі па Бабруйску. Там праўда няшмат чаго асабліва цікавага. Хаця забудова пачатку ХХ ст. захавалася, але шмат дзе тынкоўкай усё сапсавана. Дайшлі да руінаў старой сінагогі (іх закансервавалі і прыгожыя малюнкі павесілі, быццам вітражы), побач з ёй цяпер яўрэйскі дворык і месца памяці. Добра зрабілі. Зайшлі ў Порт-Артур - дворык дома 1904 года пабудовы. У дворыку было шмат коцікаў А пасля пайшлі да касцёла-з-пяціпавярховікам: у савецкія часы вежы касцёла знеслі, і прама да касцёла дабудавалі пяціпавярховы дом. А замест касцёла быў басейн. Цяпер дом, мусіць, рассялілі, а касцёл працуе. Знутры мы яго не аглядалі, бо там ішла служба. І дайшлі да былой ваданапорнай вежы, дзе цяпер рэстаран, які чамусьці не працуе (і аглядная пляцоўка таксама), а побач - скульптура Шуры Балаганава з Залатога Цяля.
Ну і Бабра мы таксама бачылі, прадстаўнічы. Бабруйску трэба ўзяць прыклад Уроцлава, зрабіць шмат фігурак баброў (маленькіх, не трэба ўсіх такіх гіганцкіх) і размясціць іх у розных кутках горада. Турыстычны квэст атрымаецца.

У выніку мы страшэнна стаміліся, і дома былі толькі каля 9 вечара, але ўражанняў (і фотак) багата засталося