Ангулема
14:35 10-12-2023 Notre Dame de Paris (9 снежня 2023, Палац Кангрэсаў, спектаклі ў 15:00 і 20:30)
Усё ж такі лёс мусіць існаваць? Бо калі б усё ішло па першапачатковым плане, то я б Даніэля не ўбачыла, бо ранкам суботы ўжо б выляцела да Варшавы. Але планы выпадковы змяніліся, я змяніла квіткі на самалёт, і ў мяне ўтварылася цэлая субота ў Парыжу. Квіток на вечар я купіла адразу пасля змены планаў - на першы рад, крыху збоку. Вельмі добрае месца, наогул раю першы рад, калі ў вас не вельмі добры зрок, як у мяне, і вы любіце разглядаць міміку актораў, як я. І квіткі на першыя чатыры рады троху таннейшыя - мусіць, лічыцца, што ў іх горшы агляд сцэны з-за таго, што яна высокая.
Другі квіток, на дзённы спектакль, я купіла проста перад ім, калі прыехала глядзець, які будзе каст. Рашэнне, што трэба так зрабіць, было прынятае адразу пасле (ці перад) чацвярговым спектаклем, калі мне выпаў Саляль (нічога асабістага, проста ён не Даніэль).
Перадгісторыя. Увесь час, што я была ў Парыжы, надвор'е было цудоўнае (часам нават занадта цудоўнае, улічваючы, што я прыехала з зімы і ў бацінках). А ранкам суботы, калі мне трэба было змяняць атэлі, ішоў дождж. Не, не проста ішоў. Ён ліў, натуральна як з вядра. А я трохі перабольшыла з кніжкамі, і новая сукенка, зараза такая, аб'ёмная і цяжка ўпіхваецца (але прыгожая і мне пасуе). Карацей, на парасон рук мне не хапіла. Добра, што куртка не прамакае (гэта быў сапраўдны краш-тэст для яе), але ўсё адно прыемнага мала. Дый штаны і бацінкі такі прамакаюць. І калі з метро ў Парыжы ў мяне праблем не было ні разу, то з мапамі... Колькі разоў я ішла ў супрацьлеглы бок ад патрэбнага - не хопіць пальцаў на руках, мусіць. Але калі ты ідзеш не ў той бок пад дажджом, і экран тэлефона пачынае рэагаваць на кроплі вады ад дажджу... Ну, я дайшла. І мне нават паабяцалі засяліць мяне раней (дарэчы, проста цудоўная жанчына была на рэцэпцыі, мы яшчэ потым троху паразмаўлялі пра свет і падзеі ў ім). Але ўсё адно заставалася яшчэ некалькі гадзін. Але цяпер у мяне былі вольныя для парасона рукі)
Карацей, я кінула рэчы ў пакой і рушыла назад (мой першы гатэль быў блізка на Палацу кангрэсаў, а другі - бліжэй да Gare du Nord) да Палаца кангрэсаў. І нават дождж пераціх (наогул я лічу, што гэта Парыж плакаў, што я яго неўзабаве пакіну - таму што нашае каханне з Парыжам узаемнае!)). І Даніэль быў у касце! Увесь каст быў з першага складу, акрамя Фебюса, на ролю якога быў заяўлены Эрык, які ў чацвер граў Грэнгуара.
Квіток я купіла на бліжэйшае з магчымых месца - атрымалася недалёка (рад дзявяты прыкладна), але збоку. Троху дзьмула з дзвярэй (на мокрыя ногі, ага), і яшчэ справа ад мяне сядзеў хлопец, які відавочна не хацеў там сядзець. Ведаеце, бываюць на любым культурным мерапрыемстве такія асобы, чамусьці заўсёды яны мужчынскага полу, якія сядзяць увеьс спектакль/канцэрт з выглядам вязняў. Не надта люблю побач з такімі сядзець) Але я ўсё адно голасна падтрымлівала каст) Народу было больш, чым у чацвер? І, можа, нават больш, чым вечарам.
Па касце. Жан Марко з прозвішчам, якое я не вазьмуся транскрыбаваць, вельмі добры Грэнгуар. У прамым параўнанні Эрык усё ж прайграе. А вось Фебюсы зайшлі абодва - у Эрыка ён больш мяккі быццам. Магчыма, з-за голаса такое ўражанне)
Даніэль. Божа мой, які голас. У 74 гады. Такі ж моцны і прыгожы. Ну, і сам Даніэль прыгожы таксама Ужо аднаго спектакля дастаткова, каб усе выдаткі на паездку палічыць апраўданымі. Я спрабавала запісваць відэа на фоцік, здаецца, няблага атрымалася, але пакуль не скідвала. У Ваве не паспею, можа, у Вільнюсе, ці ўжо дома. Агляд сцэны ў мяне быў у цэлым добрым, толькі што адна галава наперадзе часам замінала.
Пасля спектакля я пайшла да stage door і пратырчала там каля гадзіны. Бачыла шмат танцораў і Алізі Лалан, якая выходзіла за ежай (маленькая і такая міленькая!). Даніэля не было (спойлер: ён, мусіць, гэты выхад наогул не выкарыстоўвае), і было незразумела, ці то яго не чакаць, таму што ён грае вечарам, не чакаць, таму што ён сышоў іншым шляхам, ці чакаць. У рэшце рэшт я запытала ў нейкай мадам пра Даніэля, яна спачатку сказала, што не ведае, а потым выйшла і сказала, што ён грае вечарам. І я з чыстай душой пайшла есці, бо нармальна ела мінулым разам я на сняданку ў атэлі) Пакуль стаяла, троху паразмаўляла з дзяўчынай з Тайваня. Яна прыехала адмыслова дзеля спектаклю (як і я, калі не лічыць, што мне патрэбны быў не проста спектакль, але Даніэль у ім вельмі пажадана).
Вечаровы спектакль быў агонь. Я сабрала ўсіх пакемонаў, то бок галоўны склад спектакля. Месца было добрым, ніякіх галоў наперадзе. Побач сядзела сям'я, добра знаёмая з мюзіклам (бацькі, напэўна, на арыгінальны склад хадзілі 25 год таму). Карацей, супер. І мне з першага рада было добра ўсё відаць. Відэа я амаль не здымала (толькі троху на тэлефон для сторыз), затое спрабавала фоткаць фоцікам. Не ведаю, што атрымалася, але ўсё адно павінна быць лепш, чым на тэлефон.
Які ж гэта цуд. І калі на паклонах ўся заля спявае Les temps des cathedrales <3 Я б спявала наогул увесь спектакль, але нядобра замінаць людзям глядзець)
І Даніэль <3 Гэты голас, гэты чалавек <3 L'enfer où tu iras, j'irais aussi et ce sera mon paradis <3 (Не, я не маю на ўвазе, што Даніэль ідзе ў пекла, і наогул у мяне крызіс веры ўжо некалькі год, але мне вельмі падабаецца гэтая цытата).
А яшчэ! Я зашыпперыла Фрало з Грэнгуарам. Знянацку. Дакладней, з нацку, бо па спектаклі яны відавочна нармальна камунікуюць, і Грэнгуар быццам лічыць Фрало ў цэлым няблагім хлопцам, а потым ягонае расчараванне, калі Фрало аддае загад парушыць права на прытулак. Мне здаецца, іх раней шыперылі? На колькі год я спазнілася?) Карацей, калі раптам хто ведае, дзе можна пачытаць, накіруйце мяне, калі ласка.
Блін, ажно раман захацелася перачытаць. Калі я ўжо вывучу французскую, каб чытаць у арыгінале?..
Спектакль - любоў, каст - любоў, пастаноўка, артысты балета і акрабаты - любоў. Ад асвятлення ў некаторых момантах мурашкі бегалі.
А пасля спектакля я больш за гадзіну прастаяла ля stage door, каб Даніэля там не сустрэць Насамрэч не страшна, проста ў мяне ёсць такое selfish жаданне падзякаваць яму асабіста. Яго голас выратоўвае ў цяжкія моманты. Значыць - сустрэнемся яшчэ ў будучыні)
Бачыла Ібу, Алізі, Анжэла (божачкі, які ён абаяльны, і які ў яго прыемны голас, калі ён проста гаворыць) і Жан Марка (ён выходзіў апошнім, пасля нас усіх выгналі і Палас кангрэсаў зачынілі). Жан Марка невысокі і візуальна лапачка) Яшчэ ў яго прыгожае паліто. Ахоўнікі Палаца таксама лапачкі, тусілі апошнія паўгадзіны з намі і перыядычна хадзілі правяраць, ці засталіся яшчэ артысты (ці час нас выганяць). Чакалі я, дзяўчына з Тайваня, яшчэ некалькі дзяўчын і хлопец з Кітая, і група з Расіі (можа, яны ў Францыі жывуць, але рускія. Дарэчы, нейкім невядомым чынам рускія за мяжой адрозніваюцца ад украінцаў-беларусаў, нават калі ўсе па-руску размаўляюць. Высакамернасцю, ці чым... )
Карацей, шкадую толькі пра тое, што на паклонах не падыйшла да цэнтра (была магчымасць) і не крыкнула Daniel je vous aime =) А была, была такая думка! Калі б ведала, што на stage door не злаўлю, дакладна б крыкнула
Ну што, да наступнага разу?