Трава-трава-травичка нужна слону и птичке (с)
Ангулема
дневник заведен 03-02-2020
постоянные читатели [7]
закладки:
цитатник:
дневник:
хочухи:
Воскресенье, 16 Апреля 2023 г.
22:04 "Тим Талер, или Проданный смех" (Тэатр лялек, 16 красавіка 2023)
Сёння ўсе схадзілі на дзіцячы спектакль - Л. рэкамендаваў.
Трэба сказаць, што гэта гісторыя ў дзяцінстве зрабіла на мяне складанае ўражанне, я нават не дачытала (глянула толькі ў канец, што ўсё добра скончылася). Была такая сіняя кніжка, там былі Пітэр Пэн, яшчэ нешта (магчыма, першая гісторыя пра Мэры Попінс?) - і Цім Талер. І вось гісторыя пра Ціма мне вельмі цяжка "заходзіла". Можа нават не сама гісторыя, а якім чынам яна расказвалася? Не памятаю, другую спробу прачытаць я не рабіла.
Адзінае, што я помню з кніжкі - гэта сцэна, дзе дзядзька і цётка прывялі Ціма ў цырк, каб хоць там ён рассмяяўся, і той плакаў у далоні, бо такім чынам гукі плачу падобныя на смех.

Спектакль, як мне падалося, троху спрошчаны (па меншай меры ні дзядзькі, ні цёткі, ні цырку там не было), і гэткага прыгнятальнага ўражання не было (але ж я і не мэтавая аўдыторыя ўсё ж такі), але героі вельмі выразныя, і "краткавы незнаёмец" выразны атрымаўся. Лялькі цудоўныя, песенькі для спектакля таксама, і узаемадзеянне з заляй поўнай дзяцей добрае. Інтэрактыў таксама ў наяўнасці
Карацей, спектакль добры, для дзяцей, напэўна, і страшна месцамі. А мне раптам захацелася перачытаць аповесць) Цікава, ці перакладалі яе на беларускую мову.
21:51 "Николаша" (Тэатр лялек, 10 сакавіка 2023)
Вось толькі сабралася напісаць)

Ужо больш за месяц таму разам з Л. хадзілі ў тэатр лялек на нібыта камедыю па Чэхаву "Мікалаша", аднак акурат у той раз камедыя не надта атрымалася (па словах Л., хутчэй за ўсё з-за "мёртвай" залі, якая занадта слаба рэагавала), і выйшла хутчэй драма. Хаця, канешне, лёгка можна было ўбачыць, на чым дакладна тая камедыя мусіла будавацца, але тэатр - гэта ў тым ліку ўзаемаабмен энергіяй паміж сцэнай і залам, і ў той вечар атрымалася як атрымалася.
Я буду пісаць пра тое, што ўбачыла, а не што магло б быць, таму ў мяне драма) Дзве галоўныя тэмы, якія я "счытала", - гэта тэма дэпрэсіі і яе ўплыў на жыццё персанажа(ў), а таксама тэма ўплыву грамадскага меркавання на жыццё чалавека ў гэтым грамадстве - незалежна ад таго, на фактах ці плётках гэтае меркаванне пабудаванае.
Галоўны герой - Мікалай - насамрэч добры чалавек, але абставіны загналі яго, як кажуць, у тупік. Ён меў першапачатковы капітал, але пазычаў яго розным знаёмым, якія не вярталі грошы на важных, на думку Мікалая, прычынах, і вось ён сам ужо пазычаў у іншых людзей...
Напачатку спектакля мы бачым Мікалая Іванова ў сваім доме і, па ягоных словах, нічога яго не радуе і нічога яму не хочацца. Ён ажаніўся па каханні з яўрэйкай, якая пакахала яго і пагадзілася ахрысціцца - за што бацькі яе выклялі і забыліся на імя яе. З часам быт і грашовыя праблемы пераважылі каханне Мікалая (хаця хутчэй, па апісаннях, дэпрэсія яго добра прыклала, так што на каханне сілаў не засталося), ён стараецца ўнікаць жонкі, якая яшчэ і захварэла (што яшчэ больш цісне на яго, бо доктар настойвае, што Ганне - былой Сары - трэба ехаць на поўдзень да мора, а грошай няма, ды калі й адшукаць, яна адмаўляецца ехаць без мужа).
Разам з тым заўсёды побач Боркін - аканом Мікалая і ягоны нейкі далёкі сваяк. У Боркіна хворая фантазія, ён заўсёды будуе фантазійныя планы, якім бы чынам зарабіць грошай, прычым планы гэтыя часта мяжуюць з махлярствам, а языком сваім ён меле ўсім. У выніку людзі вераць, што нейкія з тых планаў сапраўды былі здзейсненыя Івановым. Да таго ж пляткараць, што ажаніўся ён з-за грошай, якіх у выніку не атрымаў, бо бацькі Сары яе выракліся і з дома выгналі.
У той жа час дачка суседзяў Іванова Лебедзевых (у якіх ён, дарэчы, пазычаў неаднаразова грошы), да якіх Іваноў часта "збягае" вечарамі, каб не сядзець дома з жонкай, пранікаецца пачуццямі да "Мікалашы", нягледзячы на ўсе плёткі. А яна, сюрпрыз, зноў дзяўчына са спадчынай.

Long story short, Сара памірае ад сухотаў, ейны доктар (які, як мне падалося, быў у яе закаханы) вінаваціць ва ўсім Мікалашу (і лічыць, што той ажаніўся з-за грошай). Міікалаша збіраецца ажаніцца з дачкой Лебедзевых Сашай (хаця ейная маці супраць, але не да той ступені, каб зусім пакідаць дачку без спадчыны). Мікалашу чым часам усё больш накрывае дэпрэсіяй, ён пытаецца ў Сашы, навошта ён ёй такі, ды с такім хвастом плётак. Але Саша, як сапраўдная руская жанчына, хоча пакутаваць (тут прыгадаўся мне фільм Вудзі Алена, дзе той, скажам так, абсцёбвае вялікую рускую літаратуру і любой да ўскладнення ўсяго).
У выніку на вяселлі чуецца стрэл - ці то гэта Мікалаша сам, ці то гэта яго застрэлілі.

Сам спектакль між тым вельмі прыгожы і добра зроблены (ну і лялечны ў нас цяпер, лічы, адзін з двух тэатраў, куды можна хадзіць, калі браць якасць і тэматыку), як звычайна, гэта цеснае перапляценне лялек і саміх актораў, плюс гукавое і светлавое афармленне.

Галоўны вывад (з майго пункту гледжання) - таварышы, не зацягвайце з паходам да спецыяліста, калі вас нічога не радуе і сіл няма! Хаця тады, канешне, пра дэпрэсію й не чуў ніхто яшчэ.
Суббота, 22 Октября 2022 г.
22:21 Ноч перад Калядамі (Тэатр лялек, 20 кастрычніка 2022)
У чацвер адкрыла тэатральны сезон у Тэатры лялек на іхняй нядаўняй прэм'еры "Ноч перад Калядамі" паводле аповесці М. Гогаля. Ставіла Кацярына Трафімук, здаецца, гэта яе першая рэжысёрская праца (бачыла яе ў якасці актрысы ў спектаклях), лялькі Таццяны Нерсісян.
Візуальна вельмі прыгожы спектакль, лялькі супер, і сцэнічныя рашэнні цікавыя. А, ну і музычнае афармленне таксама незвычайнае, як звычайна ў Тэатры лялек.
Асобна запомнілася сцэна з Пацюком, якім стала нечакана ажыўленая гурба снегу, і ведзьмы (?) каля яго выглядалі падобнымі на нявесту з мультфільма Труп нявесты. Вусцішна было)
Персанажы выразныя. І, як часта зараз бывае ў Тэатры лялек, акторы граюць разам са сваімі лялькамі. Часам на першым плане лялькі, часам - самі акторы. Салоха каларытная атрымалася, як і Чорт. Вакула з Аксанай вельмі пасавалі адзін да аднаго таксама. Адзінае што ў Вакулы (то бок актора, які яго граў) з беларускай мовай, падаецца, не цалкам усё добра.
Але ж, спектакль на беларускай мове! У нашыя часы гэта ўжо він...

У цэлым вельмі лёгкі спектакль, каб забыцца на нашую сумную рэальнасць. Ніякай дадатковай глыбіні, акрэсленыя асноўныя пункты аповесці Гогаля. І вось адное, што мне не спадабалася - зусім ніяк не паказана і не сказана, што Вакула потым усыпаў Чорту на блохі, калі той запатрабаваў выканання кантракту пасля вяртання з Пецярбургу. Атрымалася, што такі набожны Вакула вось так проста заключыў кантракт з Чортам, і усё на гэтым.
Воскресенье, 19 Июня 2022 г.
21:20 "Записки юного врача" (Тэатр лялек, 17.06.2022)
Ісці мусіў Л. (зрэшты, квіток ён браў сабе), але аккурат атрымаў моцны прыступ алергіі, таму ў пятніцу ў тэатр знязацку паехала я. Спектакль я бачыла раней, ён мне спадабаўся, таму ў цэлым я была не супраць. Тым больш што з новым тралейбусам на цэнтру цяпер ехаць без перасадак і хутчэй.


Спектакль пастаўлены паводле апавяданняў Булгакава з цыклу, уласна, "Записки юного врача", плюс яшчэ апавяданне "Морфій". Атрымаўся ў выніку вельмі цэласны твор, да таго ж з шыкоўнай рэалізацыяй. Квіток быў у сярэдзіну першага рада, я яшчэ ўзяла з сабою новыя акуляры, таму бачыла ўсё, што на сцэне вельмі добра. Адное што ў спектаклі часам дзеянне адбываецца ў самых кутках (правым і левым) на сцэне, дзе з аднаго боку нібы камора з усякімі медыцынскімі растворамі, а другога - нібы палаты з хворымі.
Здолела запісаць на дыктафон некалькі песень са спектаклю - яны там надта цікавыя і незвычайные, спявае альтэр-эга галоўнага героя ў выглядзе (мяркую) ягонай няшчаснай любові (кінула яго).

З другога прагляду спектакль нічога не згубіў, граюць не горш, як пасля прэм'еры. А спектакль сапраўды добры. Першы акт (значна даўжэйшы) хутчэй гумарыстычны, а ў другім морфій усё больш паказвае свой уплыў на асобу. Хэпі-энда, канешне, у спектаклі няма.
Закрыть