Трава-трава-травичка нужна слону и птичке (с)
Ангулема
дневник заведен 03-02-2020
постоянные читатели [7]
закладки:
цитатник:
дневник:
хочухи:
Вторник, 2 Января 2024 г.
18:45 Махляры (29.12.2023, РТБД)
Хадзілі ўсе разам, і так сталася, што гэта быў "зялёны" спектакль - першы раз пашчасціла хоць дзе пабачыць зялёны спектакль) Л. кажа, што звычайны спектакль больш сур'ёзны, але мне спадабаўся той варыянт, што мы ўбачылі. Па-святочнаму) Часам на сцэне былі па два акторы адной ролі)
П'есу Гогаля я не чытала, то "спойлераў" не было, але ў другім акце я здагадалася, чым скончыцца (прыемнае адчуванне, лол). Гралі заўзята, месцамі, вядома, з імправізацыямі. Цікава было глядзець, як у другім акце змяніўся персанаж, які па сцэнары ўдаваў сябе іншым у першым акце.
Галоўны герой нагадваў візуальна Маляваныча. Адзін з іншых - Бена Уішаў гадоў 15 таму)
Афармленне спектакля цікавае, здаецца б адзін пакой, але функцыянальна шмат розных штуковін)
І шампанскае ў актораў, здаецца, было сапраўднае тады)) І камеа невядомай прыбіральшчыцы, якая з'яўлялася з усіх дзірак цягам спектакля))

Мне ў выніку вельмі спадабалася.
Вторник, 24 Октября 2023 г.
21:17 Пачупкі (РТБД, 26 верасня 2023)
Во, ужо амаль месяц прайшоў, а я яшчэ нічога не напісала.
Л. доўга намагаўся, і нарэшце мяне вывеў на спектакль, які яму вельмі падабаецца. Перад гэтым яшчэ даў спеўнік, каб я пачытала тэксты загадзя (слушна, бо магла б не ўсе тэксты разабраць, а там увесь спектакль складаецца з песень).
Спектакль - сучаснае спеўна-пластычнае мастацтва, своеасаблівы аповед з метафарычнымі ілюстрацыямі на тэму нараджэння дзіцяці. Шмат цікавых сцэнаграфічных знаходак (мяне асабліва ўразіла сцэна пад песню пра рэўнасць аднаго брата да другога: паказалі гэта праз змаганне двух мужчын, якія нібыта зрасліся галовамі). З прадметаў, вырабленых да спектакля, мяне ўразілі металічныя сабакі (такія б у якім Дзікім паляванні глядзеліся б як родныя). Некаторыя сцэны былі creepy для мяне.
З мінусаў, асабіста для мяне, - вельмі.многа.чорнага. Амаль усё чорнае. Стылёва, так, але ж і душыць. І амаль усе песні мінорныя (тут нічога асабліва не зробіш - як кажуць, не мы такія, жыццё такое). Але ж можна было аранжыроўкай не настолькі ўзмацняць. Аднак гэта ўсё на мой густ, і я тут не самы абазнаны тэатрал)
Среда, 12 Июля 2023 г.
20:49 Кар'ера доктара Рауса (РТБД, 8.07.2023)
У суботу Л. вывеў нас на "Кар'еру доктара Раўса", бо па чутках гэта быў апошні спектакль. Ён сам хадзіў яшчэ на прэм'еру ў 2017-м - спектакль ставілі да 500-годдзя выдання Скарынавай Бібліі - і тады яму не надта спадабалася. Але тут той выпадак, калі з часам кантэксты змяніліся, і цяпер месцамі атрымалася амаль злабадзённа. Мусіць, таму спектакль больш наўрад ці ў афішы з'явіцца.
Спектакль пабудаваны на анахранізмах: аддзел маркетынгу, карпарацыі, прарэктары па выхаваўчай рабоце... у 16-м стагоддзі, ага. Але нейкім чынам гэта ўсё не надта перашкаджала, хаця я ўвогуле не вельмі люблю гэты прыём. Спектакль распавядае пра жыццё Скарыны, ягоныя вандроўкі па розных краінах, мытарствы са спробамі выдаваць кнігі. Канешне, вельмі цікава, што аўтар п'есы (Віктар Марціновіч) цалкам выдумаў, а для чаго знайшоў падмурак з фактаў. Але, на маю думку, галоўны плюс спектакля ў тым, што ён паказвае Скарыну чалавекам, вынаходнікам, які раз за разам пераадольваў перашкоды, якія ставіў яму лёс. Чалавек, не проста нейкі сімвал. Шчыра кажучы, да спектакля я Скарыну менавіта сімвалам і ўспрымала. Першадрукар, выдаў Біблію на беларускай мове ў Празе, і г. д, і да т. п. А ці проста гэта было, ці ўхвалялі ягоную дзейнасць навогул - пра гэта не думала цалкам. І гэта ўлічваючы, што мая спецыяльнасць - выдавецкая справа. Амаль сорамна.
Было б цікава знайсці якія крыніцы і даведацца пра Скарыну-чалавека, а не толькі пра Скарыну-выдаўца.

Суббота, 11 Февраля 2023 г.
00:44 Калека з вострава Інішман (РТБД, 7 лютага 2023)
Л. вывеў мяне ў тэатр нарэшце. Збіраўся разам з бацькамі ў мінулым месяцы, але акурат тады я была на супорце, і па законе Мёрфі нейкі інцыдэнт абавязкова прыляцеў бы, калі б я пайшла ў тэатр)
Але так я пабачыла, здаецца, лепшы каст.

Спектакль па п'есе Марціна МакДонаха, ставіў Аляксандр Гарцуеў. Класічная пастаноўка, як сказаў Л. Але я люблю класіку)
Насамрэч вельмі добры спектакль, выдатна гралі акторы. А вось галоўную тэму парай слоў і не акрэсліш. Дакладна ёсць штосьці пра пошук сябе ў прасторы і грамадстве і сцвярджэнне сябе там - першае паказваецца праз Калеку Білі, другое праз Хэлен. І адкрытае пытанне, ці заўсёды патрэбная праўда, асабліва калі яна можа нарабіць бяды.

Вельмі выразныя ўсе персанажы, і акторскі ансамбль граў проста бездакорна (і, дарэчы, на паклонах па некаторых было вельмі бачна, калі яны выйшлі з роляў у "сябе". Цікавы досвед).
Арцём Курэнь у ролі Калекі Білі - гэта проста ваў. Роля дакладна патрабуе многа высілкаў, у тым ліку фізічных - кожнае імгненне памятаць пра фізічныя асаблівасці персанажа, не забывацца ні пра якую. Ён на тры гадзіны стаў калекам сапраўды. Мае апладысменты.
Кейт (Вераніка Буслаева) і Эйлін (Людміла Сідаркевіч), цёткі ("прыёмныя", калі можна так сказаць) Калекі Білі. Яны разам трымаюць карчму, разам выхоўвалі Білі, калі ягоныя бацькі загінулі, і я амаль увесь спектакль радасна пішчала (у думках), што насамрэч яны пара. Вельмі выразныя жанчыны. Эйлін больш суровая, чымсьці нагадвала мне МакГонагал. Кейт больш мяккая, чуллівая. Прыгожая пара)
Джоні Пустабрэх (Сяргей Шымко) - персанаж, які напачатку смяшыў, потым увесь спектакль вар'яваў, а напрыканцы ўскрыўся адзін "восьгэтапаварот", які зусім з нечаканага боку паказаў персанажа. Вельмі цікавы персанаж, і таксама выдатная ігра.
Хэлен Чума (Ганна Семяняка) - о, у пэўных момантах яна мяне нават напалохала xd Сапраўды чума) Напрыканцы спектакля таксама нечакана адкрылася з іншага боку. Сцэна з яйкамі была агонь.
Бартлі (Дзмітрый Давідовіч), брат Хэлен - не вельмі разумны, але сэрцам добры хлопец. Сцэны з ім і Хэлен вельмі цікавыя былі з пункту гледжання дынамікі. Ён адзін з тых, што вельмі выразна пераўвасобіўся (ці, наадварот, перавысабіўся) на паклонах.
Малыш Бобі (Максім Брагінец) - у першай сцэне, дзе ён з'явіўся, падаўся вельмі суровым і нават небяспечным, але потым раскрылася ягонае сапраўды добрае нутро. (А пазней пацвердзілася, што ён можа ўсё ж такі былі небяспечным.) Калі цікава, Малыш Бобі - брутальны лысы мужчына з рудой барадой)
Доктар (Максім Карасцялёў) - здавалася б, адназначна станоўчы герой, але напрыканцы спектакля ў адной сцэне пытанні да яго ўсё ж узніклі. Добры доктар, тым не менш.
Мамаша Джоні (Таццяна Мархель) - не вельмі вялікая, аднак вельмі выразная роля. Вечна п'яная бабулька, якая тым не менш захоўвае цвярозы розум (напэўна, толькі у спектаклі такое магчыма).

У цэлым вельмі гарманічны спектакль, які дае матэрыял, над якім варта падумаць. Сцэнаграфія таксама быццам простая, аднак удалая і пасуе дзеянням, якія адбываюцца на сцэне.
Понедельник, 26 Июля 2021 г.
22:51 Шлюб з ветрам, РТБД, 12.07.2021
На гэты спектакль мы мусілі схадзіць у мінулым годзе, але тады прыйшла пандэмія. А потым у цэлым было ні да чаго...
Карацей кажучы, вось, дайшла нарэшце, Леск "давёў".

У цэлым цікавая пастаноўка, але наклалася тое, што гэта быў панядзелак перад канцом майго двухтыднёвага спрынта на працы, і на працы не ўсё паспявала (гэтым разам, дарэчы, таксама не паспяваю, але калі гэта другі раз, то ўжо не так страшна), і я ў ноч на той панядзелак не надта добра спала. Шчыра кажу: калі ў залі выключалі святло, была вялікая спакуса заплюшчыць вочы і задрамаць.
Таму якіясьці слаі сэнсаў ад мяне збеглі - ці да мяне не дабраліся. Але ў цэлым прыгожа зроблена, гэткае сучаснае мастацтва, якое можна глядзець, нават калі цалкам не "даганяеш", што адбываецца)
Адзіная, што было для мяне дакладным "не" - гэта сцэна гвалту. Не з-за таго, што яна была дрэнная, а з-за таго, што я такое дрэнна пераношу. Мне нават ад намёкаў на гвалт ніякавата. Гэткі асабісты пункцік.
А спектакль добры, толькі глядзець яго лепш не ў стомленым стане (але я другі раз не пайду, бо гл. вышэй).
Закрыть