Трава-трава-травичка нужна слону и птичке (с)
Ангулема
дневник заведен 03-02-2020
постоянные читатели [7]
закладки:
цитатник:
дневник:
хочухи:
Вторник, 6 Февраля 2024 г.
21:12 фанфікавае
Цікава, мусіць, недзе ў белмоўным фанфікавым асяроддзі (дзе б яно ні знаходзілася) праходзіць акцыя "пакінь каментар да беларускамоўнага фіка", бо цягам апошніх пары дзён пад адным з маіх старых фікаў з'явілася ажно 3 (!) каментара на беларускай. Магчыма, гэты фік патрапіў у нейкую падборку "каментуй іх"? Бо ён, здаецца, нічым значным не выдзяляецца.
Цікава, але прыемна.

А яшчэ ў мяне знайшоўся сашыпер Габі/Мэдзі! І, здаецца, з Японіі, судзячы па смайліках. Ну што, ёсць нагода натхніцца

Але зараз у мяне 2 пачатых фіка (насамрэч тры, але адзін відавочна трэба перарабляць, бо я там даўно захрасла), адзін з якіх мусіў быць кароткім, але пішацца вельмі марудна.

Памяншаю дозу антыпсіхотыка і спадзяюся, што разам з гэтым ідэі вернуцца. Я ўсё ж мяркую, што крызіс ідэй у мяне праз яго, бо ад іншага было падобнае, толькі ў больш суровай форме.
Вторник, 2 Января 2024 г.
18:45 Махляры (29.12.2023, РТБД)
Хадзілі ўсе разам, і так сталася, што гэта быў "зялёны" спектакль - першы раз пашчасціла хоць дзе пабачыць зялёны спектакль) Л. кажа, што звычайны спектакль больш сур'ёзны, але мне спадабаўся той варыянт, што мы ўбачылі. Па-святочнаму) Часам на сцэне былі па два акторы адной ролі)
П'есу Гогаля я не чытала, то "спойлераў" не было, але ў другім акце я здагадалася, чым скончыцца (прыемнае адчуванне, лол). Гралі заўзята, месцамі, вядома, з імправізацыямі. Цікава было глядзець, як у другім акце змяніўся персанаж, які па сцэнары ўдаваў сябе іншым у першым акце.
Галоўны герой нагадваў візуальна Маляваныча. Адзін з іншых - Бена Уішаў гадоў 15 таму)
Афармленне спектакля цікавае, здаецца б адзін пакой, але функцыянальна шмат розных штуковін)
І шампанскае ў актораў, здаецца, было сапраўднае тады)) І камеа невядомай прыбіральшчыцы, якая з'яўлялася з усіх дзірак цягам спектакля))

Мне ў выніку вельмі спадабалася.
Воскресенье, 31 Декабря 2023 г.
20:44 Фікрайтарскія вынікі 2023-га
Добра, што на АО3 ёсць статыстыка)
У гэтым годзе я пісала толькі на беларускай, напісала ўсяго 10608 слоў (уключаючы пераклад на 2102 слоў). Трэба адзначыць, што антыпсіхотыкі, нават у мінімальных дозах, усё ж уплываюць на генерацыю ідэяў, мне падаецца. Ці я прыдумляю гісторыі адное калі трывожуся, ці за гэта адказвае тая ж частка мозгу, і калі я п'ю супрацьтрывожныя сродкі, то і генерацыя ідэяў памяншаецца?

Гэта 17 фікаў, большасць з іх маленечкія, большасць - па Дыскасвету Пратчата.
А найбольш кудасаў (17) набраў фік па Гуд Омэнсам, які я напісала амаль адразу пасля другога сезону. Тады, мусіць, чыталі ўсе і ўсё, а любых мовах)

З таго, чым ганаруся - напэўна, двума фікамі па пейрынгу Adora Belle Dearheart/Angua von Uberwald па Пратчату. Хаця было бы добра падрэдагаваць, калі нядаўна перачытвала, штосьці чапляла вока. Мінус таго, што пішу беларускай - бету знайсці цяжка, а адкладаць фікі на некалькі месяцаў (ці хаця б на адзін), каб адляжаліся, не заўсёды хапае імпэту (фідбэку хочацца, нават калі гэта адзін кудас). Звычайна атрымліваецца адкласці да ФБ/ЗФБ, але вось зараз нават адкладаць няма чаго, мусіць, на гэтую ЗФБ я нічога не прынясу...

Можа, мне ўжо паспрабуюць адмяніць антыпсіхотыкі хаця б? Ужо год іх п'ю. Тады, можа, і ідэі папруць)
Вторник, 24 Октября 2023 г.
21:17 Пачупкі (РТБД, 26 верасня 2023)
Во, ужо амаль месяц прайшоў, а я яшчэ нічога не напісала.
Л. доўга намагаўся, і нарэшце мяне вывеў на спектакль, які яму вельмі падабаецца. Перад гэтым яшчэ даў спеўнік, каб я пачытала тэксты загадзя (слушна, бо магла б не ўсе тэксты разабраць, а там увесь спектакль складаецца з песень).
Спектакль - сучаснае спеўна-пластычнае мастацтва, своеасаблівы аповед з метафарычнымі ілюстрацыямі на тэму нараджэння дзіцяці. Шмат цікавых сцэнаграфічных знаходак (мяне асабліва ўразіла сцэна пад песню пра рэўнасць аднаго брата да другога: паказалі гэта праз змаганне двух мужчын, якія нібыта зрасліся галовамі). З прадметаў, вырабленых да спектакля, мяне ўразілі металічныя сабакі (такія б у якім Дзікім паляванні глядзеліся б як родныя). Некаторыя сцэны былі creepy для мяне.
З мінусаў, асабіста для мяне, - вельмі.многа.чорнага. Амаль усё чорнае. Стылёва, так, але ж і душыць. І амаль усе песні мінорныя (тут нічога асабліва не зробіш - як кажуць, не мы такія, жыццё такое). Але ж можна было аранжыроўкай не настолькі ўзмацняць. Аднак гэта ўсё на мой густ, і я тут не самы абазнаны тэатрал)
21:04 Заслаўе (22 жніўня 2023)
Гэта быў апошні дзень майго вельмі спякотнага адпачынку, тады акурат абяцалі ўжо менш гарачае надвор'е, і мы скаталіся ў Заслаўе. Раней там толькі тата па справах быў.
Пачалі з цэнтральнай плошчы, дзе стаіць "Я Заслаўе" ў вельмі прыемных колерах, а трохі далей, у скверыку, стаіць скульптура Ізяслава, у гонар якога горад і названы. Падняліся да касцёла, ля якога на вузкіх вулачках стаяць дамкі, таму фоткаць яго не надта зручна, але ён быў зачынены (і судзячы па дошках побач, там ідзе вялы ці актыўны рэмонт). Потым пайшлі да былой кірхі, а цяпер праваслаўнай царквы, якая стаіць на месцы старажытнага гарадзішча (насыпныя валы захаваліся троху). Прыгожанькая і дагледжаная, і ўнутры вельмі прыемная - звычайна мне няўтульна ў праваслаўных цэрквах, але гэтая, можа таму што будынак не навадзел, ці што людзі адэкватныя, але было нармалёва. Яшчэ там драўляны разны алтар. Люблю такое.
Вяртацца мы пацйшлі іншым шляхам, прайшлі паўз ручаёк і сажалку з качкамі. Ля сажалкі калісьці ўсё гвалтоўна прыводзілі ў парадак ці то да Дажынак, ці то да Дня беларускага пісьменства, але год 10 ужо, мусіць, прайшло, і зараз усё ў стане "калісьці тут нешта рабілі, і штосьці яшчэ засталося". Побач парк для дзяцей з рознымі лазілкамі ды скульптуркамі.
Прайшлі ля краязнаўчага музея (там былі млын, кузня, калі не блытаю, і яшчэ нешта), але мае ўнутр не захацелі. З іншага боку, краязнаўчыя музеі сапраўды падобныя адзін да аднаго сваімі выставамі.
Пасля мы думалі пад'есці, але нешта ў той дзень у Заслаўі з гэтым аказалася цяжкавата. Папілі кавы і пайшлі ў ці не галоўны пункт прызначэння - музей маляванкі, які адкрыўся не так даўно. Маляванка - гэта карціна, маляваная на, звычайна, якой палатніне, звычайна самавукамі. Напачатку мінулага стагоддзя (і гадоў да 60-х) імі ўпрыгожвалі хаты сяляне. У музеі тры залі: Алены Кіш, Язэпа Драздовіча, і зборны розных (часта невядомых) аўтараў. Мы ўзялі экскурсію, бо хацелася з толкам пра ўсё даведацца, і сапраўды было цікава (і прыгожа). І там можна фоткаць (фоткі я, вядома, яшчэ нікуды не скінула).

Уласна, на гэтым усё. З ежай мы, аднак, пракалоліся ў той дзень)
Среда, 15 Марта 2023 г.
22:35 Млын
Падумала, што замала пішу пра жыццё. А што калі захачу калі-небудзь перачытаць?)

У суботу перад 8 сакавіка - то бок, атрымліваецца, 4-га - разам з Я. хадзілі на Млын, кірмаш хэнд-мэйд вырабаў. Я там апошнім разам была... лічы ў мінулым жыцці, дакладна да 2020-га, і нават не памятаю, калі. Як ВДНХ знеслі, каб пабудаваць там яшчэ адзін нікому не патрэбны (цяпер-то дакладна) гатэль, то ўсе больш-менш буйныя мерапрыемствы праходзяць толькі ў "рамонку", то бок Белэкспа. А гэта іншы край горада, ды яшчэ й найбліжэйшы прыпынак знеслі колькі гадоў таму з-за ДТЗ (ну так, бо няма прыпынкаў - няма здарэнняў (таблічка "сарказм")).
Але добра. Прыехалі мы пад самае адкрыццё выставы, бо мне ў абед трэ было ўжо быць дома. Надвор'е тады было ранкам!.. Другі Хаўер: замятае і ні халеры не бачна. (Але не скарджуся, люблю снег.) Сустрэліся, распрануліся, пайшлі гуляць.
Шмат прыгожых рэчаў, шмат прыгожых і функцыянальных рэчаў, дастаткова таго-не-ведаю-чаго. Гэтым разам у мяне й грошы былі (плюсы працы ў айцішцы), і я знарок зняла наяўныя, каб дакладна купіць нешта. У планах было паглядзець што для маці і Л. У прынцыпе, знайшлося ўсё) І грошай паменела xd
Некаторыя рэчы былі вельмі прыгожыя, але ж калі не ведаеш, куды іх прыткнуць, то проста як пылазборнік купляць... Дастаткова ўжо пылазборнікаў)

А яшчэ там была ежа на падземным паверсе. Я па запыце набыла пышак дадому, а калі б гуляць там яшчэ, то можна было б яшчэ раз пад'есці. Мням.

Дарэчы, калі мы ўжо апранутыя падняліся наверх, народу было зна-ачна больш, і месцамі ледзь магчыма прайсці. Так што добра, што зрання прыехалі.
А калі выйшлі на вуліцу, там ужо было сонейка-а-а!.. Пра "Хаўер" нагадваў толькі асляпляльна-белы снег)
Среда, 18 Января 2023 г.
22:22 Сон з Юзу (амаль)
Мне сёння снілася, што я ў Японіі Разам з сям'ёю, прычым прыехалі мы на цягніку А потым згубіліся, у сэнсе, нейкім чынам раздзяліліся, калі сышлі з цягніка, і я спрабавала напісаць Л. і маці, потым падумала, што ў маці ж не падключаны роўмінг, яшчэ недзе хадзіла, патрапіла на нейкую імпрэзу (?), на якой размаўлялі ці то па-руску, ці то па-беларуску (у Японіі, ага). Потым мы ўсе сустрэліся назад. І я ўсё спрабавала даведацца, якім чынам дабрацца да філармоніі, дзе мусіў выступаць Юзу (а ён фігурыст, на хвіліначку!). Нешта там было дзіўнае з метро, быццам шмат кароткіх ліній, і трэба было зразумець, як туды дабрацца. У кагосьці запытвала, калі называла Юзу, людзі адразу пачыналі добра так усміхацца, і ўсё такое. Потым мы засяліліся ў гатэль, там яшчэ быў нейкі дзіўны пакой з нізкай столлю. А потым сон скончыўся На Юзу ў філармоніі я паглядзець не паспела)

Мусіць, гэта ўсё - вынік чакання новых Юзушоў у канцы лютага і пачатку сакавіка. На жаль, мне толькі спадзявацца, што будуць лайвстрымы (ці хаця б запісы...). Калі б у мяне хаця б шэнгенская віза зараз была, то мела б сэнс паспрабаваць латарэю (квіткі на ягоныя шоў прадаюцца праз сістэму латарэй, бо занадта шмат жадаючых). А так...

А, яшчэ у сне не бачыла акіяну, але ўвесь час было пачуццё/веды, што ён недзе недалёка.

===
Трэба неяк напісаць, як мы ў Брэст з'ездзілі на мой дзень нараджэння, пакуль не забылася.
Пятница, 30 Декабря 2022 г.
21:09 Зялёная кніга (2018)
На выходных паглядзелі добры фільм Зялёная кніга (The Green Book), які выйшаў у 2018-м. Мне здаецца, ён і узнагароды нейкія атрымліваў?..
Пра фільм мне дакладна трапляліся звесткі ў свой час, бо там Віга ў адной з галоўных роляў) І я, здаецца, збіралася паглядзець, але так і не сабралася. Дзякуй Л., во, паглядзела)
У галоўных ролях Віга Мортэнсен і Mahershala Ali (Махершала Алі, мусіць). Гісторыя пра тое, як афра-амерыканскі класічны піяніст Дон Шырлі наняў італа-амерыканскага "вышыбалу" Тоні Балбатуна, каб той суправаджаў яго ў туры па паўднёвых штатах (у той час там панаваў непрыкрыты дзікі расізм). Трэба сказаць, што напачатку фільма паказана, што сам Тоні зусім не роўна ставіцца да цёмнаскурых (шклянкі, з якіх пілі ваду два цёмнаскурыя майстры, якія нешта правілі ў ягоным доме, ён выкідае ў сметніцу). Аднак ён пагаджаецца на прапанову Дона (дакладней, павышае кошт, магчыма, у спадзеве, што гэта будзе замнога, але Дон наймае яго ўсё адно). З фільма таксама бачна, што Тоні па натуры чалавек добры, і адказна ставіцца да сваёй працы. І нягледзячы на свой першапачатковы "бытавы расізм", ён не разумее, як можна ставіцца да людзей як да быдла і здзекавацца з іх з адное прычыны колеру скуры.

Фільм добры - і па якасці, і па сутнасці. Ад яго застаецца пачуццё цеплыні ўнутры.
І мне спадабаўся дубляж на беларускую мову - і пераклад! Вельмі трапна і натуральна.
Суббота, 24 Декабря 2022 г.
17:28 Адзін сон
Такі цікавы сон сёння бачыла, быццам у маёй музыкалцы ставяць Прывіда Оперы, але са змененым сцэнаром (і некаторыя арыі мусілі быць іншымі, напэўна?), і там нават было, што сэр Эндру нават даў дазвол (без грошай) xd І ролі мусілі выконваць і вучні (былыя?), і настаўнікі. Цікава, што ў ролях былі і тыя, хто ўжо ў Беларусі не жыве, і ў маёй музыкалцы не вучыўся (напрыклад, артысты ТМ). Але ў сне было вельмі цікава, і мне падабалася, я бачыла часткова рэпетыцыі, здаецца. І на ютуб збіраліся выкласці запіс потым.

Наогул цяпер увесь час сняцца сюжэтныя сны, вельмі цікава. Але гэта, здаецца, сведчыць пра тое, што сон неглыбокі.
Среда, 27 Июля 2022 г.
16:12 Эксперыментальная ФБ
Насамрэч першы з фікаў, якія ў выніку апынуліся ў новай эксперыментальнай калекцыі на Фандомнай бітве, напісаўся яшчэ да таго, як пра гэтую калекцыю абвясцілі. Аднак я яго доўга рэдагавала, а потым яшчэ думала, несці каму ці проста апублікаваць на АО3...
Карацей, у выніку маіх фікаў у той калекцыі ажно тры, два я дапісала пазней (і аднесла ў больш падыходзячую каманду, як мне падаецца). Ну, і праглядаў на ФБ усё ж больш, нават у фікаў на белмове) Чым калі проста выкладаць (так, мне ёсць з чым параўноўваць xd). Каментаў аднак не значна больш, таму ёсць пытанне, за што там кудасы стаяць, можа, хтосьці проста крочыў мімаходзь xd
Але мне самой падабаецца, а гэта галоўнае.

У фікі - па Пратчату.
Храналагічна першы з фікаў - "Малюнак" - адметны для мяне яшчэ тым, што я ўрэшце рэалізавала сваю ве-ельмі старую ідэю напісаць нешта па песні "Я тебя рисую" Яака Йаалы. Я яе прыкладала да розных фандомаў і пэйрынгаў, але напісала ў выніку пра Драмнота і Вецінары. А яшчэ ў мяне ёсць першая версія фіка з ООСным Вецінары, але я яе нікому не пакажу xd.
Пасля я задумалася пра гадзіннік у пакоі перад Даўгаватым кабінетам, які нерваваў Ваймса. У выніку нарадзіўся міленькі драблік "Газіннік" з разважаннямі Драмнота.
А потым напісаўся яшчэ флафна-рамантычны Драмцінары "Адлюстраванне", гэткі comfort fic, дзе быццам нічога не адбываецца і ўсё добра.

З сённяшняга дня можна дэаноніць міблы (дый эксперыментальная калекцыя ў галасаванні не ўдзельнічае ўсё адно), таму ўсе тры ўжо бачныя і ў маім профілі таксама.
А яшчэ адзін я ўсё яшчэ рэдагую xd Грунтоўная праца xd
Вторник, 26 Июля 2022 г.
23:46 Уласнафэст
Зрабіла сабе спіс ключавых слоў нешта кшталту writober і да яго падобных, але без пэўных часавых межаў. У ідэале пісаць хаця б 1 драбл у 2 дні на адно са слоў, але як атрымаецца.
Словы брала рандомна з каляндара "Лёгкая мова".
Ключавыя словы

Бонусная цытата:
Толькі чыстыя сэрцы бачаць сапраўдную прыгажосць (Брыль)

Хочацца такі ўпісацца ў малую форму, а то апошнім часам што ні пачынаю - усё за 1000 слоў атрымліваецца. Трэба патрэніраваць сцісласць
Запись создана в 22:39 13-06-2022
Закрыть