Трава-трава-травичка нужна слону и птичке (с)
Ангулема
дневник заведен 03-02-2020
постоянные читатели [7]
закладки:
цитатник:
дневник:
хочухи:
Воскресенье, 10 Декабря 2023 г.
14:35 Notre Dame de Paris (9 снежня 2023, Палац Кангрэсаў, спектаклі ў 15:00 і 20:30)
Усё ж такі лёс мусіць існаваць? Бо калі б усё ішло па першапачатковым плане, то я б Даніэля не ўбачыла, бо ранкам суботы ўжо б выляцела да Варшавы. Але планы выпадковы змяніліся, я змяніла квіткі на самалёт, і ў мяне ўтварылася цэлая субота ў Парыжу. Квіток на вечар я купіла адразу пасля змены планаў - на першы рад, крыху збоку. Вельмі добрае месца, наогул раю першы рад, калі ў вас не вельмі добры зрок, як у мяне, і вы любіце разглядаць міміку актораў, як я. І квіткі на першыя чатыры рады троху таннейшыя - мусіць, лічыцца, што ў іх горшы агляд сцэны з-за таго, што яна высокая.
Другі квіток, на дзённы спектакль, я купіла проста перад ім, калі прыехала глядзець, які будзе каст. Рашэнне, што трэба так зрабіць, было прынятае адразу пасле (ці перад) чацвярговым спектаклем, калі мне выпаў Саляль (нічога асабістага, проста ён не Даніэль).
Перадгісторыя. Увесь час, што я была ў Парыжы, надвор'е было цудоўнае (часам нават занадта цудоўнае, улічваючы, што я прыехала з зімы і ў бацінках). А ранкам суботы, калі мне трэба было змяняць атэлі, ішоў дождж. Не, не проста ішоў. Ён ліў, натуральна як з вядра. А я трохі перабольшыла з кніжкамі, і новая сукенка, зараза такая, аб'ёмная і цяжка ўпіхваецца (але прыгожая і мне пасуе). Карацей, на парасон рук мне не хапіла. Добра, што куртка не прамакае (гэта быў сапраўдны краш-тэст для яе), але ўсё адно прыемнага мала. Дый штаны і бацінкі такі прамакаюць. І калі з метро ў Парыжы ў мяне праблем не было ні разу, то з мапамі... Колькі разоў я ішла ў супрацьлеглы бок ад патрэбнага - не хопіць пальцаў на руках, мусіць. Але калі ты ідзеш не ў той бок пад дажджом, і экран тэлефона пачынае рэагаваць на кроплі вады ад дажджу... Ну, я дайшла. І мне нават паабяцалі засяліць мяне раней (дарэчы, проста цудоўная жанчына была на рэцэпцыі, мы яшчэ потым троху паразмаўлялі пра свет і падзеі ў ім). Але ўсё адно заставалася яшчэ некалькі гадзін. Але цяпер у мяне былі вольныя для парасона рукі)
Карацей, я кінула рэчы ў пакой і рушыла назад (мой першы гатэль быў блізка на Палацу кангрэсаў, а другі - бліжэй да Gare du Nord) да Палаца кангрэсаў. І нават дождж пераціх (наогул я лічу, што гэта Парыж плакаў, што я яго неўзабаве пакіну - таму што нашае каханне з Парыжам узаемнае!)). І Даніэль быў у касце! Увесь каст быў з першага складу, акрамя Фебюса, на ролю якога быў заяўлены Эрык, які ў чацвер граў Грэнгуара.
Квіток я купіла на бліжэйшае з магчымых месца - атрымалася недалёка (рад дзявяты прыкладна), але збоку. Троху дзьмула з дзвярэй (на мокрыя ногі, ага), і яшчэ справа ад мяне сядзеў хлопец, які відавочна не хацеў там сядзець. Ведаеце, бываюць на любым культурным мерапрыемстве такія асобы, чамусьці заўсёды яны мужчынскага полу, якія сядзяць увеьс спектакль/канцэрт з выглядам вязняў. Не надта люблю побач з такімі сядзець) Але я ўсё адно голасна падтрымлівала каст) Народу было больш, чым у чацвер? І, можа, нават больш, чым вечарам.
Па касце. Жан Марко з прозвішчам, якое я не вазьмуся транскрыбаваць, вельмі добры Грэнгуар. У прамым параўнанні Эрык усё ж прайграе. А вось Фебюсы зайшлі абодва - у Эрыка ён больш мяккі быццам. Магчыма, з-за голаса такое ўражанне)
Даніэль. Божа мой, які голас. У 74 гады. Такі ж моцны і прыгожы. Ну, і сам Даніэль прыгожы таксама Ужо аднаго спектакля дастаткова, каб усе выдаткі на паездку палічыць апраўданымі. Я спрабавала запісваць відэа на фоцік, здаецца, няблага атрымалася, але пакуль не скідвала. У Ваве не паспею, можа, у Вільнюсе, ці ўжо дома. Агляд сцэны ў мяне быў у цэлым добрым, толькі што адна галава наперадзе часам замінала.
Пасля спектакля я пайшла да stage door і пратырчала там каля гадзіны. Бачыла шмат танцораў і Алізі Лалан, якая выходзіла за ежай (маленькая і такая міленькая!). Даніэля не было (спойлер: ён, мусіць, гэты выхад наогул не выкарыстоўвае), і было незразумела, ці то яго не чакаць, таму што ён грае вечарам, не чакаць, таму што ён сышоў іншым шляхам, ці чакаць. У рэшце рэшт я запытала ў нейкай мадам пра Даніэля, яна спачатку сказала, што не ведае, а потым выйшла і сказала, што ён грае вечарам. І я з чыстай душой пайшла есці, бо нармальна ела мінулым разам я на сняданку ў атэлі) Пакуль стаяла, троху паразмаўляла з дзяўчынай з Тайваня. Яна прыехала адмыслова дзеля спектаклю (як і я, калі не лічыць, што мне патрэбны быў не проста спектакль, але Даніэль у ім вельмі пажадана).
Вечаровы спектакль быў агонь. Я сабрала ўсіх пакемонаў, то бок галоўны склад спектакля. Месца было добрым, ніякіх галоў наперадзе. Побач сядзела сям'я, добра знаёмая з мюзіклам (бацькі, напэўна, на арыгінальны склад хадзілі 25 год таму). Карацей, супер. І мне з першага рада было добра ўсё відаць. Відэа я амаль не здымала (толькі троху на тэлефон для сторыз), затое спрабавала фоткаць фоцікам. Не ведаю, што атрымалася, але ўсё адно павінна быць лепш, чым на тэлефон.
Які ж гэта цуд. І калі на паклонах ўся заля спявае Les temps des cathedrales <3 Я б спявала наогул увесь спектакль, але нядобра замінаць людзям глядзець)
І Даніэль <3 Гэты голас, гэты чалавек <3 L'enfer où tu iras, j'irais aussi et ce sera mon paradis <3 (Не, я не маю на ўвазе, што Даніэль ідзе ў пекла, і наогул у мяне крызіс веры ўжо некалькі год, але мне вельмі падабаецца гэтая цытата).
А яшчэ! Я зашыпперыла Фрало з Грэнгуарам. Знянацку. Дакладней, з нацку, бо па спектаклі яны відавочна нармальна камунікуюць, і Грэнгуар быццам лічыць Фрало ў цэлым няблагім хлопцам, а потым ягонае расчараванне, калі Фрало аддае загад парушыць права на прытулак. Мне здаецца, іх раней шыперылі? На колькі год я спазнілася?) Карацей, калі раптам хто ведае, дзе можна пачытаць, накіруйце мяне, калі ласка.
Блін, ажно раман захацелася перачытаць. Калі я ўжо вывучу французскую, каб чытаць у арыгінале?..
Спектакль - любоў, каст - любоў, пастаноўка, артысты балета і акрабаты - любоў. Ад асвятлення ў некаторых момантах мурашкі бегалі.
А пасля спектакля я больш за гадзіну прастаяла ля stage door, каб Даніэля там не сустрэць Насамрэч не страшна, проста ў мяне ёсць такое selfish жаданне падзякаваць яму асабіста. Яго голас выратоўвае ў цяжкія моманты. Значыць - сустрэнемся яшчэ ў будучыні)
Бачыла Ібу, Алізі, Анжэла (божачкі, які ён абаяльны, і які ў яго прыемны голас, калі ён проста гаворыць) і Жан Марка (ён выходзіў апошнім, пасля нас усіх выгналі і Палас кангрэсаў зачынілі). Жан Марка невысокі і візуальна лапачка) Яшчэ ў яго прыгожае паліто. Ахоўнікі Палаца таксама лапачкі, тусілі апошнія паўгадзіны з намі і перыядычна хадзілі правяраць, ці засталіся яшчэ артысты (ці час нас выганяць). Чакалі я, дзяўчына з Тайваня, яшчэ некалькі дзяўчын і хлопец з Кітая, і група з Расіі (можа, яны ў Францыі жывуць, але рускія. Дарэчы, нейкім невядомым чынам рускія за мяжой адрозніваюцца ад украінцаў-беларусаў, нават калі ўсе па-руску размаўляюць. Высакамернасцю, ці чым... )
Карацей, шкадую толькі пра тое, што на паклонах не падыйшла да цэнтра (была магчымасць) і не крыкнула Daniel je vous aime =) А была, была такая думка! Калі б ведала, што на stage door не злаўлю, дакладна б крыкнула
Ну што, да наступнага разу?
Вторник, 5 Декабря 2023 г.
16:30
Раней думала, што расплачуся, калі прыеду ў Варшаву пасля ўсяго. Але не.
Пачуваюся дома. Дзіўна, але я гэтак пачувалася і калі першы раз да Варшавы прыехала.
А ў Парыжы будзе +9,там можна і паплакаць
Вторник, 24 Октября 2023 г.
21:04 Заслаўе (22 жніўня 2023)
Гэта быў апошні дзень майго вельмі спякотнага адпачынку, тады акурат абяцалі ўжо менш гарачае надвор'е, і мы скаталіся ў Заслаўе. Раней там толькі тата па справах быў.
Пачалі з цэнтральнай плошчы, дзе стаіць "Я Заслаўе" ў вельмі прыемных колерах, а трохі далей, у скверыку, стаіць скульптура Ізяслава, у гонар якога горад і названы. Падняліся да касцёла, ля якога на вузкіх вулачках стаяць дамкі, таму фоткаць яго не надта зручна, але ён быў зачынены (і судзячы па дошках побач, там ідзе вялы ці актыўны рэмонт). Потым пайшлі да былой кірхі, а цяпер праваслаўнай царквы, якая стаіць на месцы старажытнага гарадзішча (насыпныя валы захаваліся троху). Прыгожанькая і дагледжаная, і ўнутры вельмі прыемная - звычайна мне няўтульна ў праваслаўных цэрквах, але гэтая, можа таму што будынак не навадзел, ці што людзі адэкватныя, але было нармалёва. Яшчэ там драўляны разны алтар. Люблю такое.
Вяртацца мы пацйшлі іншым шляхам, прайшлі паўз ручаёк і сажалку з качкамі. Ля сажалкі калісьці ўсё гвалтоўна прыводзілі ў парадак ці то да Дажынак, ці то да Дня беларускага пісьменства, але год 10 ужо, мусіць, прайшло, і зараз усё ў стане "калісьці тут нешта рабілі, і штосьці яшчэ засталося". Побач парк для дзяцей з рознымі лазілкамі ды скульптуркамі.
Прайшлі ля краязнаўчага музея (там былі млын, кузня, калі не блытаю, і яшчэ нешта), але мае ўнутр не захацелі. З іншага боку, краязнаўчыя музеі сапраўды падобныя адзін да аднаго сваімі выставамі.
Пасля мы думалі пад'есці, але нешта ў той дзень у Заслаўі з гэтым аказалася цяжкавата. Папілі кавы і пайшлі ў ці не галоўны пункт прызначэння - музей маляванкі, які адкрыўся не так даўно. Маляванка - гэта карціна, маляваная на, звычайна, якой палатніне, звычайна самавукамі. Напачатку мінулага стагоддзя (і гадоў да 60-х) імі ўпрыгожвалі хаты сяляне. У музеі тры залі: Алены Кіш, Язэпа Драздовіча, і зборны розных (часта невядомых) аўтараў. Мы ўзялі экскурсію, бо хацелася з толкам пра ўсё даведацца, і сапраўды было цікава (і прыгожа). І там можна фоткаць (фоткі я, вядома, яшчэ нікуды не скінула).

Уласна, на гэтым усё. З ежай мы, аднак, пракалоліся ў той дзень)
Четверг, 31 Августа 2023 г.
22:05 Жылічы, Чырвоны Бераг, Бабруйск (11 жніўня 2023)
Трэба напісаць - мо, калі перачытаю
Адпачынак у мяне пачаўся 9-га, і ўжо 11-га мы рушылі ў падарожжа на адзін дзень (і слушна зрабілі, бо ўвесь наступны тыдзень была спёка). Атрымалася крыху зашмат уражанняў як на адзін дзень, але ж.
Усё пачалося з таго, што мы думалі, куды б з'ездзіць па Беларусі, каб на адзін дзень (бо ўзялі новую котку з ператрымкі, ёй было б вельмі стрэсава застацца сам-насам на больш). І чамусьці ўсплыў Бабруйск - хаця там быццам і няшмат чаго ёсць (сапраўды). Тады сталі шукаць, што там ёсць побач, а гід з Брэста акурат тады выклала прыгожыя фоткі з палаца ў Жылічах. А потым і Чырвоны Бераг непадалёк адшукаўся. Ён найперш сумна вядомы мемарыялам дзіцячаму канцлагеру, але там у пасёлку захавалася таксама сядзіба Козел-Паклеўскіх.
Пачалі мы з Жылічаў. Рэстаўрацыя тамашняга палаца Булгакаў доўжылася шмат год, і афіцыйна музей яшчэ не адкрылі, але штодзень (акрамя панядзелка) штогадзіны там праводзяць экскурсіі. Рэстаўрацыя - ваў. Нават дзіўна, што грошы знайшліся, там бачна, што ўкладзена многа - і грошай, і сіл. Столі, сцены - усё выглядае шыкоўна. Аднаўлялі пакоі па фатаграфіях, абстаноўка ўся - навазробленая, рэплікі па фота. Уражвае. Пра гісторыю сям'і таксама было цікава паслухаць, шкада толькі, што на рускай мове. Фоткі я рабіла, але на ноўт не скінула яшчэ (як рабіць усё ў час? ніяк).
Побач з палацам размешчаны новы будынак Аграрнага каледжа (у савецкія часы каледж быў прама ў палацы), побач з ім былі цікавыя лавачкі - мусіць, некалі нейкі конкурс там быў, ці што.
Ёсць таксама парк, але ён яшчэ ў зусім запушчаным стане (і камары там - страх!).

Пасля Жылічаў вырашылі заехаць у Чырвоны Бераг, а пасля ўжо ў Бабруйск, дзе планавалі паабедаць.
Сядзіба ў Чырвоным Беразе таксама ў савецкія часы была Аграрным каледжам Нейкая містычная сувязь аграрных каледжаў і сядзіб (насамрэч не, проста калі гаспадары пасля рэвалюцыі ўцякалі, то іхнія маёнткі савецкая ўлада "нацыяналізавала", ну і далей як атрымлівалася). Музей цяпер проста на тэрыторыі каледжа знаходзіцца.
У адрозненне ад Жылічаў тут на рэстаўрацыю столькі грошай не выдзялялі, таму ляпніна не ў сусальным золаце, а проста белая. Затое абстаноўка пакояў зроблена прадметамі адпаведнай эпохі - большасць ахвяраваў музею нейкі мясцовы калекцыянер. Таму тут цікавей разглядаць мэблю і ўсё такое падобнае. Шкада, што не ўзялі аўдыёгід - не ведалі, што ён ёсць, а касірка не падказала. І шкада, што ўсе надпісы ў музеі - на рускай мове :/ На беларускай нават не прадублявана.

Трэба сказаць, што другая сядзіба запар - гэта цяжка, дый пад канец ужо хацелася есці. Таму ў Бабруйск мы ехалі з галоўнай думкай - паядзім!

У той дзень хоць і не +30 было, але ўсё адно вельмі цёпла, і ў горадзе гэта асабліва адчувалася. Паелі мы добра, у нейкай піцэрыі, якую Л. абраў па мапе і водгуках. І пайшлі па Бабруйску. Там праўда няшмат чаго асабліва цікавага. Хаця забудова пачатку ХХ ст. захавалася, але шмат дзе тынкоўкай усё сапсавана. Дайшлі да руінаў старой сінагогі (іх закансервавалі і прыгожыя малюнкі павесілі, быццам вітражы), побач з ёй цяпер яўрэйскі дворык і месца памяці. Добра зрабілі. Зайшлі ў Порт-Артур - дворык дома 1904 года пабудовы. У дворыку было шмат коцікаў А пасля пайшлі да касцёла-з-пяціпавярховікам: у савецкія часы вежы касцёла знеслі, і прама да касцёла дабудавалі пяціпавярховы дом. А замест касцёла быў басейн. Цяпер дом, мусіць, рассялілі, а касцёл працуе. Знутры мы яго не аглядалі, бо там ішла служба. І дайшлі да былой ваданапорнай вежы, дзе цяпер рэстаран, які чамусьці не працуе (і аглядная пляцоўка таксама), а побач - скульптура Шуры Балаганава з Залатога Цяля.
Ну і Бабра мы таксама бачылі, прадстаўнічы. Бабруйску трэба ўзяць прыклад Уроцлава, зрабіць шмат фігурак баброў (маленькіх, не трэба ўсіх такіх гіганцкіх) і размясціць іх у розных кутках горада. Турыстычны квэст атрымаецца.

У выніку мы страшэнна стаміліся, і дома былі толькі каля 9 вечара, але ўражанняў (і фотак) багата засталося
Закрыть